Ales Bialiatski / Viasna (Belarus)

… за рашучую барацьбу за ажыццяўленне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі

Алесь Бяляцкі – беларускі праваабаронца, які стаіць на чале амаль што 30-гадовага змагання за дэмакратыю і свабоду. У 1996 г. Бяляцкі заснаваў у Менску Праваабарончы цэнтр “Вясна”, задачай якога была падтрымка палітычных вязняў. За гэты час цэнтр ператварыўся ў вядучую няўрадавую арганізацыю, якая садзейнічае фармаванню грамадзянскай супольнасці ў Беларусі пры дапамозе дакументацыі парушэнняў правоў чалавека і маніторынгу выбараў.

Беларусь пад кіраўніцтвам прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі часта называюць „апошняй дыктатурай у Еўропе“. Гэтая рэпутацыя абумоўлена аўтарытарным рэжымам Лукашэнкі, пры якім выбары фальсіфікуюцца, апазіцыя пазбаўляецца голасу, а грамадзянская супольнасць жорстка кантралюецца дзяржаўнымі інстытуцыямі, якія, зрэшты, з’яўляюцца перажыткам савецкага мінулага. Акрамя таго, Беларусь засталася апошняй краінай на кантыненце, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне.

З сярэдзіны 1980-х гадоў Бяляцкі вёў негвалтоўную і непартыйную барацьбу за забеспячэнне дэмакратычных свабодаў і развіццё актыўнай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Адным з кірункаў дзейнасці Бяляцкага было правядзенне кампаніі за адмену смяротнага пакарання. За чынны ўдзел у беларускім праваабарончым руху Бяляцкі быў арыштаваны і асуджаны на некалькі гадоў пазбаўлення волі па абвінавачваннях, сфабрыкаванай супраць яго беларускімі ўладамі з мэтай спыніць яго дзейнасць. Пераследу з боку беларускіх уладаў неаднаразова падвяргалася таксама Вясна і яе сябры.

Нягледзячы на гэта і дзякуючы сваёй настойлівай і паслядоўнай працы, Бяляцкі і Вясна сталіся нястрымнай мірнай сілай, якая садзейнічае пашырэнню правоў і магчымасцяў, а таксама забеспячэнню дэмакратычных правоў беларускага народу. Падчас прадэмакратычных пратэстаў, у тым ліку цяперашніх масавых дэманстрацыяў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 г., Вясна адыгрывала вядучую ролю ў выступленнях за права на свабоду сходаў, абароне правоў арыштаваных у ходзе пратэстаў і дакументацыі парушэнняў правоў чалавека. Бяляцкі з’яўляецца сябрам Каардынацыйнай рады, створанай апазіцыяй і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ў жніўні 2020 г. з мэтай садзейнічання мірнаму пераходу ўлады ў краіне.

Бяляцкі і Вясна застаюцца супольнасцю адважных людзей, якая пратэстуе супраць дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі ва ўмовах вялікай асабістай небяспекі. Дзякуючы сваёй адданасці дэмакратыі і свабодзе, яны заклалі падмуркі мірнага і дэмакратычнага грамадства ў Беларусі.

Біяграфічныя звесткі

Алесь Бяляцкі

Месца нараджэння: Карэлія, Расія

Дата нараджэння: 25 верасня 1962 г.

Адукацыя: У 1984 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1989 г. – аспірантуру Інстытута літаратуры Акадэміі навук Беларусі.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Створаны: 1996 г.

Месцазнаходжанне: цэнтр у г. Менску і рэгіянальныя арганізацыі ў большасці буйных гарадоў Беларусі

Разгорнутая біяграфія

Шчыры абаронца свабоды і правоў чалавека

З сярэдзіны 1980-х гадоў Алесь Бяляцкі стаяў ў першых шэрагах абаронцаў дэмакратычных свабодаў у БССР і, пазней, у незалежнай Беларусі. У 1988 г. ён быў суарганізатарам акцыяў публічнага асуджэння злачынстваў сталінізму і ўшанавання памяці ахвяраў савецкіх палітычных рэпрэсій, за якія быў арыштаваны і пакараны адміністратыўным штрафам. Бяляцкі таксама быў сябрам арганізацыйнага камітэту грамадскай арганізацыі «Беларускі народны фронт» (БНФ) – грамадска-палітычнага руху за дэмакратычнае пераўтварэнне грамадства пасля распаду СССР. З 1999 па 2001 гг. быў намеснікам старшыні БНФ.

У 1996 г., падчас масавых акцыяў пратэсту дэмакратычнай апазіцыі Беларусі, Бяляцкі сузаснаваў Праваабарончы цэнтр “Вясна” і з гэтага часу заставаўся яго старшынёй. Першапачатковай задачай Вясны была дапамога арыштаваным пратэстоўцам і іх сем’ям. За час свайго існавання цэнтр ператварыўся ў рэспубліканскую няўрадавую арганізацыю з цэнтрам у г. Менску і рэгіянальнымі арганізацыямі ў большасці буйных гарадоў Беларусі, агульная колькасць сябраў якой складае каля 200 чалавек.

Ад першых дзён стварэння асноўнай мэтай дзейнасці Вясны з’яўляецца садзейнічанне фармаванню грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, заснаванай на павазе да правоў чалавека. Для дасягнення гэтай мэты арганізацыя ўжывае шэраг метадаў, у тым ліку, вывучэнне і маніторынг ходу фармавання грамадзянскай супольнасці і стану забеспячэння правоў чалавека, маніторынг выбараў, садзейнічанне ў выкананні міжнародных дамоваў па правах чалавека, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь.

Рэпрэсіі ў „апошняй дыктатуры Еўропы“

Беларусь пад кіраўніцтвам прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі часта называюць „апошняй дыктатурай у Еўропе“. Гэтая рэпутацыя абумоўлена аўтарытарным рэжымам Лукашэнкі, пры якім выбары фальсіфікуюцца, апазіцыя пазбаўляецца голасу, а грамадзянская супольнасць жорстка кантралюецца дзяржаўнымі інстытуцыямі, якія, зрэшты, з’яўляюцца перажыткам савецкага мінулага.

Ад першых дзён заснавання Вясна бязлітасна пераследвалася беларускімі ўладамі. Сябры арганізацыі прайшлі праз неаднаразовыя арышты, затрыманні, збіццё, ператрусы і штрафы. 28 кастрычніка 2003 г. Вярхоўны суд Беларусі безпадстаўна пазбавіў Вясну дзяржаўнай рэгістрацыі за ўдзел у назіранні прэзідэнцкіх выбараў 2001 г. У 2006 г. Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў ліквідацыю Вясны незаконнай і рэкамендаваў беларускім уладам аднавіць рэгістрацыю арганізацыі. Аднак, гэтае рашэнне было праігнаравана беларускім ўрадам. У выніку гэтага Вясна была вымушаная працягваць сваю дзейнасць без рэгістрацыі.

У сувязі з актыўнай дзейнасцю, накіраванай на падтрымку дэмакратычных зменаў, Бяляцкі пераследваўся беларускімі ўладамі. Больш за 25 разоў ён быў арыштаваны, падвяргаўся штрафам і прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці.

У 2011 г. Бяляцкі быў арыштаваны па сфабрыкаваным абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі. Незалежныя назіральнікі і міжнародныя арганізацыі рашуча асудзілі судовы працэс і прысуд як палітычна матываваны пераслед, накіраваны супраць дзейнасці Бяляцкага як праваабаронцы. Умовы яго ўтрымання за кратамі характарызаваліся жорсткімі абмежаваннямі, працяглымі перыядамі адзіночнага зняволення і забаронамі на сацыяльныя кантакты. Бяляцкі быў вызвалены ў чэрвені 2014 г., правёўшы ў зняволенні 1052 дні. Спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці назваў утрыманне Бяляцкага за кратамі «сімвалам рэпрэсій супраць праваабаронцаў».

Нягледзячы на бесчалавечнае абыходжанне, Бяляцкі застаўся адданым справе прасоўвання прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Пасля вызвалення ён вярнуўся да працы ў якасці старшыні Вясны. Зараз, у адзін з самых складаных перыядаў найноўшай гісторыі Беларусі, Бяляцкі адыгрывае вядучую ролю ў беларускай грамадзянскай супольнасці.

У адказ на арышт Бяляцкага ў 2011 г., яшчэ падчас яго зняволення, беларускія і міжнародныя грамадзянскія групы абвясцілі 4 жніўня, дзень яго затрымання, Міжнародным днём салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Пракладваючы шлях да дэмакратыі

У краіне, у якой грамадзянская супольнасць знаходзіцца пад беспрэцэдэнтным ціскам, зусім няпроста дамагчыся канкрэтных рэзультатаў. Нягледзячы на гэта, Вясна здолела стаць выбітным голасам, які гучыць у абарону правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў у краіне. Паслядоўныя справаздача і дакументацыя, якія ажыццяўляюцца Вясною, а таксама размяшчэнне іх вынікаў у незалежных медыя наблізілі тэму парушэнняў правоў чалавека да больш шырокай беларускай аўдыторыі. Адпаведная трансфармацыя грамадскай свядомасці адлюстроўваецца ў тым, што за апошняе дзесяцігоддзе істотна павялічылася колькасць грамадскіх пратэстаў.

Вяртанне рэжыму ад практыкі «мяккіх рэпрэсіяў» да жорсткіх гвалтоўных захадаў таксама дакладна задакументавана Вясной, у прыватнасці, у спісе беларускіх палітычных вязняў.

Бяляцкі і Вясна адыгралі фундаментальную ролю ў падтрымцы і ўмацаванні грамадзянскай супольнасці Беларусі дзякуючы свайму цеснаму супрацоўніцтву як з мясцовымі, так і з міжнароднымі няўрадавымі арганізацыямі.

Адным з самых значных дасягненняў Вясны з’яўляецца паспяховае лабіраванне інтарэсаў Беларусі ў Камітэце па правах чалавека ААН, дзякуючы якому ў 2012 г. была створаная пасада Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Парушэнні правоў чалавека, задакументаваныя Вясной, былі ў выніку разгледжаныя на вышэйшым міжнародным узроўні. Такім чынам з’явілася магчымасць праверкі сітуацыі ў Беларусі на адпаведнасць міжнародным стандартам. Паколькі Беларусь не далучылася да Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека, ААН застаецца адзіным міжнародным органам, у якім можа быць дадзеная прававая ацэнка сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Вясна рашуча выступае за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі – апошняй еўрапейскай краіне, у якой яно яшчэ выкарыстоўваецца. Аднак, сацыялагічныя даследаванні паказалі, што ў Беларусі адбываецца змена грамадскай думкі ў бок адмены смяротнага пакарання. Пытанне смяротнай кары ўвайшло ў павестку шэрагу дыскусій па сітуацыі з правамі чалавека паміж беларускімі і еўрапейскімі службовымі асобамі. Вясна супрацоўнічае з еўрапейскімі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі, прадстаўляе ім вынікі маніторынгу сітуацыі ў краіне і судзейнічае міжнароднага распаўсюду гэтай інфармацыі праз ААН. Вясна таксама падтрымлівае дыялог з дзяржаўнымі ўладамі па пытаннях абароны асуджаных да смяротнага пакарання шляхам абмену меркаваннямі і інфармацыяй.

На працягу апошніх дзесяці год Бяляцкі і Вясна праводзілі незалежны маніторынг выбараў, у той час як незалежныя назіральнікі звонку да выбараў часта не дапушчаліся. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. Вясна сталася вядучым сябрам маніторынгавай групы «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Прэзідэнцкія выбары 2020 і наступныя акцыі пратэсту

Сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары 2020 г., наступныя агульнанацыянальныя пратэсты і забастоўкі, а таксама жорсткія, з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы, дзеянні сілавых структураў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў прадэманстравалі міжнароднай супольнасці дыктатарскія практыкі беларускай дзяржавы. Тысячы пратэстоўцаў былі затрыманыя. Вясна задакументавала шматлікія выпадкі катаванняў, учыненых дзяржаўнымі службоўцамі.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. Бяляцкі стаў сябрам Каардынацыйнай рады, якая была створаная прадстаўнікамі апазіцыі і ў якую ўвайшлі актывісты грамадзянскай супольнасці, а таксама іншыя відныя грамадскія дзеячы Беларусі. Рада з’яўляецца ўнутраным прадстаўнічым органам беларускага грамадства. Яна асудзіла рэпрэсіі праваахоўных органаў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і заклікае да выканання міжнародных стандартаў па свабодных і справядлівых выбарах.

Хаця канчатковыя вынікі акцый пратэсту 2020 г. пакуль невядомыя, ужо сёння можна с упэўненасцю сказаць, што Бяляцкі і Вясна зрабілі выключны ўнёсак у закладанне падмурку для мірнага і дэмакратычнага грамадства ў Беларусі.

Biographies

Press releases

Media contacts

Emoke Bebiak

English, French & International Media

E-mail: emoke.bebiak@rightlivelihood.org
Phone: +41 (0)78 333 84 84

Marina Shupac

Eastern European Media

E-mail: marina.shupac@rightlivelihood.org
Phone: + 373 799 74 628

Mikaela Fredrikson

Multimedia & Copyright

E-mail: mikaela.fredrikson@rightlivelihood.org
Phone: +46 (0)70 407 0325

Nayla Azzinnari

Spanish Media

E-mail: nayla@rightlivelihood.org
Phone: +54 9 11 5460 9860

Nina Tesenfitz

German Media

E-mail: presse@rightlivelihood.org
Phone: +49 (0)170 5763 663

Johannes Mosskin

Swedish Media

E-mail: johannes@rightlivelihood.org
Phone: +46 (0)70 437 11 48